Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Настаўнікі

Ала Васільеўна Таболіна нарадзілася 12 студзеня 1971 г. у г. Іванава Брэсцкай вобласці. У 1994 г. скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Біялогія і хімія». Пачала педагагічную дзейнасць у 1994 г. у Варацэвіцкай сярэдняй школе, затым працавала ў сярэдняй школе № 2 г. Іванава.

Святаслаў Рыгоравіч Кажадуб нарадзіўся 17 студзеня 1936 г. у г. Нароўля Палескай (цяпер Гомельскай) вобласці. У сям’і было чацвёра дзяцей. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў сям’і засталося трое хлопчыкаў: Уладзік і блізняты Святаслаў і Міколка, бо старэйшая сястра Галя з сяброўкай паехалі ў Ленінград на працу і лёс яе быў невядомы.

Анастасія Андрэеўна Жук (у дзявоцтве Рудаман) нарадзілася 11 сакавіка 1931 г. у в. Рабковічы Баранавіцкага павета (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька Андрэй Вікенцьевіч Рудаман сумяшчаў працу ў полі з кавальствам. Маці Лізавета Адамаўна была добрай гаспадыняй, умела прасці, ткаць, вышываць. Жылі бедна, мелі толькі 5 га зямлі. Дзеці змалку былі прывучаны да цяжкай сялянскай працы.

Мікалай Арцёмавіч Кавальчук нарадзіўся 9 жніўня 1925 г. у в. Селішчы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Умовы жыцця і працы былі вельмі цяжкія. Дарослыя аралі, сеялі, касілі, збіралі ўраджай, малацілі, вазілі дровы. Дзеці ўжо з 6–7-мі гадоў дапамагалі бацькам: пасвілі авечак, кароў, коней, з 10-ці гадоў уключаліся ў палявыя работы. У школе Мікола пачынаў вучыцца яшчэ за польскім часам, скончыў сем класаў пачатковай школы. Навучальны год у яго пачынаўся, калі выпадаў першы снег, а заканчваўся, калі снег схадзіў з палёў. У астатні час дапамагаў бацькам па гаспадарцы.

Людміла Мікалаеўна Амельянюк нарадзілася 16 верасня 1950 г. у в. Стрыгава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, куды яе бацькі пасля заканчэння педінстытута па размеркаванні прыехалі на працу. Бацька Мікалай Кірылавіч працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі. Маці Ніна Андрэеўна — настаўніца рускай мовы і літаратуры, была кіраўніком харавога калектыву калгаса Дзімітрава, у 1951 г. узнагароджана граматай за творчыя дасягненні і актыўны ўдзел у развіцці мастацкай самадзейнасці.

Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў нарадзіўся 5 чэрвеня 1960 года ў г. п. Буда-Кашалёва Гомельскай вобласці. Неўзабаве сям'я пераехала ў Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці, дзе ў в. Закозель прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады.

Васіль Гаўрылавіч Давідчык нарадзіўся 12 ліпеня 1924 г. у в. Сенькавічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацькі — Гаўрыіл і Сафія Давідчыкі — гадавалі яшчэ трох сыноў: Мікалая, Міхаіла і Яўгена.

 

Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч нарадзіўся 15 лютага 1919 г. у в. Гулічы Слуцкага павета Мінскай губерні (зараз Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У 1930 г. паступіў вучыцца ў Клецкую беларускую гімназію. У гэтым жа годзе Міша стаў піянерам-падпольшчыкам, разам з сябрамі ён расклейваў лістоўкі, а ў дні рэвалюцыйных святаў вывешваў чырвоныя флагі. За падпольную дзейнасць быў выключаны з гімназіі.

Якаў Дзмітрыевіч Янчанка нарадзіўся 6 кастрычніка 1923 г. у в. Клоў Клімавічскага павета Гомельскай губерні (цяпер Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай, сямігадовай і сярэдняй школах суседніх вёсак. У трагічным 1941 г. скончыў Красавіцкую сярэднюю школу. Поўны вясёлкавых надзей на працяг вучобы, ён марыў паступіць у тэатральна-мастацкае вучылішча ў Маскве.

Анатоль Паўлавіч Рубановіч нарадзіўся 12 красавіка 1908 г. у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці ў сям’і праваслаўнага святара Паўла Адамавіча Рубановіча (1876–1940), ураджэнца Пінскага павета Мінскай губерні. У 1927 г. Анатоль Рубановіч прыехаў з Мінска ў вёску Махро Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці), куды для службы ў мясцовай Петрапаўлаўскай царкве быў накіраваны яго бацька.

Анатоль Рубановіч атрымаў добрую адукацыю. Здольнасці да малявання ў падлетка праявіліся даволі рана. Першай прыступкай да ведаў для Анатоля стала мастацкае вучылішча ў Варшаве, куды ён трапіў па спецыяльнай праграме для адораных беларусаў, якая ўключала ў сябе і вучобу за мяжой. Далей ён удасканальвае сваё майстэрства ў Вене і Парыжы, адкуль вяртаецца ў стаўшую яму роднай вёску сапраўдным мэтрам.

Старонка 1 з 4